Адрес:
Гродненская область, Мостовский район, аг. Лунно, пл. Героев, д.15
У 60-я гады XIX стагоддзя на беларускіх землях у масавым парадку ў гарадах і мястэчках узводзіліся праваслаўныя храмы. Цэрквы будаваліся паводле тыпавых праектаў у так званым “псеўдарускім“ стылі, эклектычным паводле сваёй асновы. Для яго былі характэрныя цыбулепадобныя галоўкі купалоў на гранёных барабанах, стылізаваныя закамары і іншыя архітэктурныя прыёмы, характэтныя для маскоўскага дойлідства 16-17 стагоддзяў. Пазней гэтыя цэрквы былі названы па імені віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва “мураўёўкамі”.
Падобная царква была пабудавана ў мястэчку Лунна. 24 кастрычніка 1878 года на падставе распараджэння Гродзенскай Царкоўна-Будаўнічай прысутнасці аб выбары месца пад пабудову каменнай прыходскай царквы ў Лунне знайшлі адзінае месца пад царкву на Базарнай плошчы, якое налічвала ў даўжыню 70 сажаняў, а ў шырыню да 53 сажаняў. Побач з мястэчкам таксама меліся даволі зручныя месцы для пабудовы царквы, але яны належалі мясцовым сялянам. Дзяржаўных жа зямель вакол мястэчка не было. На пабудову новай каменнай царквы ў Лунне ўлады выдаткавалі 17392 руб. Для гэтага патрэбныя былі наступныя матэрыялы: чырвоная цэгла з прамымі і не абламанымі вугламі і роўнай паверхняй, чысты пясок, сухія сасновыя дошкі і брусы. Для новай царквы прадугледжваліся пазалочаныя крыжы.
Пабудова царквы ў мястэчку Лунна планавалася на працягу 4 гадоў з дня заключэння кантракта. Царква была пабудавана ў агавораныя срокі на Базарнай плошчы, але ж заставалася без агароджы і таму “падвяргалася порчы з боку яўрэйскага насельніцтва”. Акрамя таго новая царква не магла быць пасвенчана, таму што на царкоўнай калакольні не было званоў. Неабходна было купіць 3 званы вагой у 20, 12 і 8 пудоў. Паколькі паблізу царквы знаходзіўся Рымска-Каталіцкі касцёл, што меў 2 вялікіх званы, то для “падтрымання перавагі Праваслаўя і рускай народнасці над каталіцтвам“, добра было б, на думку ўладаў, набыць 1 звон вагой не менш 25 пудоў.
Такім чынам, у мястэчку Лунна у 1882 годзе была пабудавана новая мураваная царква. Яе настаяцелем прызначылі Івана Хамічоўскага. Зазначым, што настаяцелем рымска-каталіцкага касцёла Св. Ганны на той час быў Антон Далінкевіч. Акрамя хрысціянскіх храмаў у мястэчку меліся 2 сінагогі і 3 іўдзейскія малельныя школы. Царскія ўлады імкнуліся падтрымліваць аўтарытэт праваслаўя, якое лічылі сваёй апорай на беларускіх землях. Праўда, калі ў 1891 годзе каталіцкі ксендз вырашыў пабудаваць пры касцёле дом, то ўлады далі дазвол на гэтую пабудову.
(Материал взят на сайте: old.orthos.org)